Навіны

Платформа грамадзянскай салідарнасці: Неадкладна вызваліце праваабаронцу Аюба Ціціева

Платформа грамадзянскай салідарнасці: Неадкладна вызваліце праваабаронцу Аюба Ціціева  дакумент

10 студзеня 2018 г.

Мы, сябры Платформы грамадзянскай салідарнасці (CSP), глыбока занепакоеныяпаведамленнямі аб затрыманні кіраўніка грозненскага офіса ПЦ “Мемарыял” у Чачні Аюба Ціціева па вельмі сумніўных абвінавачваннях, звязаных з захоўваннем наркотыкаў. Мы заклікаем да яго неадкладнага і безумоўнага вызвалення і зняцця ўсіх абвінавачванняў.

Ціціеў карыстаецца вялікім аўтарытэтам ў міжнароднай праваабарончай супольнасці, а таксама на Паўночным Каўказе, дзе ён уваходзіць у невялікую групу адважных праваабаронцаў, якія па-ранейшаму працуюць, каб выявіць і задакументаваць сур’ёзныя і няспынныя парушэнні правоў чалавека. Ціціеў узначаліў офіс “Мемарыяла” ў Чачні пасля жахлівага забойства яго калегі Наталлі Эстэміравай ў 2009 годзе. У апошнія гады ён атрымліваў шматлікія пагрозы, мэтай якіх было спыненне яго працы ў галіне правоў чалавека. Цяпер яго жыццё і бяспека знаходзяцца пад пагрозай.

Паводле паведамленняў СМІ, Аюб Ціціеў быў дастаўлены ў Курчалоеўскі РАУС неўзабаве пасля таго, як яго аўтамабіль быў спынены і абшуканы каля моста праз раку Хумык каля 10:30 у аўторак, 9 студзеня. Адвакату Ціціева паведамілі, што ён абвінавачваецца ў незаконным захоўванні наркотыкаў, як паведамляецца, у буйным памеры (180 грамаў марыхуаны).

Раней, на падставе падобных сфабрыкаваных абвінавачванняў некаторыя актывісты і незалежныя журналісты ў Чачні былі прысуджаныя да некалькіх гадоў пазбаўлення волі. Выкарыстанне фальшывых доказаў у справах за нарказлачынствы становіцца ўсё больш частай тактыкай, якую выкарыстоўваюць улады Чачні дзеля пакарання і дыскрэдытацыі сваіх крытыкаў у вачах чачэнскага грамадства.

Платформа грамадзянскай салідарнасці аб’ядноўвае больш за 90 праваабарончых арганізацый, якія працуюць у рэгіёне АБСЕ. Мы лічым дапушчэнне аб тым, што такі дасведчаны праваабаронца, як 60-гадовы Аюб Ціціеў будзе падарожнічаць па Чачні з любой колькасцю наркотыкаў у сваім аўтамабілі, з’яўляецца абсурдным і сведчыць пра тактыку, якая выкарыстоўваецца чачэнскімі ўладамі супраць прынцыповых і працавітых праваабаронцаў. Мы лічым, што чачэнскія ўлады імкнуцца незаконна абвінаваціць Ціціева і спыніць надзвычай важную працу ПЦ “Мемарыял” у рэгіёне шляхам пагроз і пераследаў.

Расія абавязана паважаць і дазваляць працу праваабаронцаў. Важная рэзалюцыя Генеральнай Асамблеі ААН, прынятая кансэнсусам 24 снежня 2017 года, “заклікае дзяржавы прыняць канкрэтныя меры па прадухіленні і пакласці канец самавольным арыштам і затрыманні, у тым ліку праваабаронцаў, і ў сувязі з гэтым настойліва заклікае да вызвалення асобаў, якія былі затрыманыя або якія знаходзяцца ў зняволенні, у парушэнне абавязальніцтваў дзяржаваў у межах міжнароднага права ў галіне правоў чалавека, за ажыццяўленне сваіх правоў чалавека і асноўных свабодаў, такіх як права на свабоду слова, мірных сходаў і асацыяцый, у тым ліку ў дачыненні да супрацоўніцтва з Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый і іншымі міжнароднымі механізмамі ў галіне правоў чалавека”.

Ніжэйпадпісаныя сябры Платформы грамадзянскай салідарнасці заклікаюць чачэнскія ўладаў, а таксама федэральныя ўлады Расіі неадкладна вызваліць Аюба Ціціева і спыніць яго пераслед, паколькі, як мы лічым, ён быў пакараны выключна ў адплату за яго законную і мірную дзейнасць у галіне правоў чалавека. Акрамя таго, мы заклікаем улады забяспечыць бяспеку супрацоўнікам “Мемарыяла” ў Чачні. Акрамя таго, мы заклікаем ўлады не перашкаджаць, а дапамагаць адважным асобам, такім як Ціціеў, у іх працы па выяўленні сур'ёзных парушэнняў правоў чалавека ў рэгіёне Паўночнага Каўказа.

Мы заклікаем міжнародныя арганізацыі і ўрады замежныя краінаў уважліва сачыць за справай Ціціева і давесці нашы праблемы да ведама ўладаў Расійскай Федэрацыі. Расія павінна выконваць свае міжнародныя абавязальніцтвы ў галіне правоў чалавека і абавязальніцтвы ў межах АБСЕ.

Падпісанты, у тым ліку:

Кансультатыўны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве «Human Constanta» (Беларусь)

Артыкул 19 (Вялікабрытанія)

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава (Літва)

Беларускі Хельсінкскі камітэт (Беларусь)

Камітэт супраць катаванняў (Расія)

Хельсінкскі фонд па правах чалавека (Польшча)

Праваабарончы цэнтр "Вясна" (Беларусь)

Міжнароднае партнёрства па правах чалавека (Бельгія)

Цэнтр прававой трансфармацыі (Беларусь)

Маскоўская Хельсінкская група (Расія)

Нарвежскі Хельсінкскі камітэт (Нарвегія)

OMCT - Сусветная арганізацыя супраць катаванняў (Швейцарыя)

Асацыяцыя Promo LEX (Малдова)

13.01.2018

праваабарончыя сайты