Навіны

Чаму калючы “Вожык”?

На днях прыгадаліся радкі верша вядомага беларускага паэта Станіслава Шушкевіча (1908-1991):

– Вожык, ты чаму калючы?

Гэтак колесся балюча?

– Бо ваўкі, лісы, мядзведзі –

Не найлепшыя суседзі!

І прыгадаліся мне гэтыя радкі дзіцячага верша ў гэты час, калі са спісу фінансаваных дзяржавай перыёдыкаў знік часопіс “Вожык”. Знік і ўсё. Пакуль са спісу, а потым і знікне сам. Знікла наша славутая “Раніца” – газета, дзе пачыналі свой шлях у літаратуру сотні беларускіх літаратараў і журналістаў, знікла газета “Чырвоная змена”, знік найкаштоўнейшы часопіс “Спадчына”… І знікаюць менавіта беларускамоўныя выданні. Не, каб знікла “Зорька”, ці “Знамя юности”… Гэтыя выданні дзяржава фінансуе, на гэтыя газеты сродкі ёсць. А вось на родныя выданні, з вялікай выдавецкай гісторыяй – грошай бракуе.

Але вернемся да “Вожыка”. Сёння нават немагчыма ўявіць Беларусь без “Вожыка”, часопіс, які ведае народ, які ведалі людзі і заўсёды пісалі ў “Вожык” праўду пра местачковых бюракратаў і іх нядобрыя ўчынкі. Паўстае пытанне: чаму знікае адзінае сатырычнае і гумарыстычнае беларускамоўнае выданне? Няўжо і “Вожыка” сталі чыноўнікі баяцца? Во дажыліся!..

Дарэчы, з гумарам апошнія два дзесяцігоддзі ў Беларусі жарты дрэнныя. Беларусы адвучыліся смяяцца. А наш народ спакон вякоў жартаваў, весяліўся, любіў розныя вясёлыя байкі і анекдоты. А цяпер не да жартаў. Прыгадваюцца нашы раённыя газеты, ды і не толькі раённыя. Кожная раёнка штомесяц, а то і часцей, выпускала сатырычныя старонкі і куткі. Напрыклад, Слонімская раённая газета мела старонку, якая называлася “Кандрат Стружкін”, “Сельская газета” –  “Пошту Дзеда Міхеда”, іншыя – “Фаму Мяцёлкіна” і г.д.  І людзі такія старонкі любілі, чыталі іх з радасцю, пісалі Стружкіным, Міхедам, Мяцёлкіным пісьмы, бо верылі, што ў рэдакцыях працуюць такія людзі, якія напішуць пра тое, што дрэннае адбываецца ў іх вёсцы, пасёлку, горадзе. Яны адсочвалі працу местачковых чыноўнікаў і крытыкавалі іх, дасылалі з рэдакцыі пісьмы на рэагаванне крытыкі, а тыя давалі адказы. Цяпер у раённых газетах падобных старонак няма, яны, як па загаду, усе ліквідаваныя. Бо паспрабуй сёння скрытываць на старонках райгазеты якога-небудзь старшыню сельсавета, ці дырэктара завода, ці чыноўніка з райвыканкама… Ого! Цябе могуць звольніць з працы за такую крытыку. Сёння трэба ўсіх хваліць і хваліць. Вось і сталі баяцца калючага “Вожыка” усе Лісы, Ваўкі і Мядзведзі – не найлепшыя суседзі. А каб яшчэ больш спакойна жыць, то лепш, каб гэтых “Вожыкаў” зусім не было.  

Сяргей Чыгрын    

 

10.01.2018

праваабарончыя сайты