Навіны

Назіральніца за выбарамі: "Я ўпэўнена, што дзеянне і любая змена пачынаецца з майго асабістага першага кроку"

Валанцёры Праваабарончага цэнтру "Вясна" напярэдадні выбараў дэпутатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў 28га склікання распавялі пра свой досвед назірання. 

Юрый Мяцельскі

Я ўключыўся ў назіранне на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года. Назіраў ў родным горадзе Слуцку, зафіксаваў на ўчастку шмат парушэнняў. У гэты ж час працаваў на дзяржпрадпрыемстве, і ў наступстве мне "не працягнулі кантракт, без тлумачэння прычын".

yury_miatelski.jpg
Юры Мяцельскі

 

Я пачаў назіраць, таму што мне хацелася паглядзець на свае вочы на ​​гэты працэс, скласці сваё меркаванне аб выбарах. Я назіраў ад праваабаронцаў, бо яны займалі нейтральную і незалежную пазіцыю.

Назіранне - гэта эфектыўны механізм грамадзянскага ўдзелу ў палітычным жыцці. Адна толькі прысутнасць незалежнага назіральніка моцна ўплывае на сітуацыю. Таксама гэта магчымасць растлумачыць чыноўнікам іх абавязкі, сродак камунікацыі, так бы мовіць, і самае галоўнае - гэта паказаць, што грамадству не ўсё роўна.

Аднойчы, на ​​парламенцкіх выбарах адной грамадзянцы выдалі бюлетэнь па ксеракопіі пашпарта, я напісаў скаргу ў акруговую камісію, з просьбай правесці дадатковае навучанне членаў участковай камісіі. Адказалі, што навучанне правялі, мабыць вучылі іх уначы, бо ўдзень сябры камісіі працавалі на ўчастку.

Маргарыта Красікава

Мае першае назіранне - напэўна, гэта было назіранне ў судах, калі праваабаронцы даследавалі суды на прадметы адкрытасці і галоснасці ў 2015 г. Некалькі дзён мы ездзілі па розных судах Мінска з анкетамі і зарыхтоўкамі скаргаў і заяў. Мне было часта няёмка спачатку, таму што я была адна ўпершыню ў жыцці на працэсах. На пытанні суддзяў, хто я такая, хлусіла, што студэнтка, што было не зусім слушна з боку правіл паводзінаў назіральнікаў.

Маргарыта Красікава
Маргарыта Красікава

 

Я вырашыла назіраць таму, што мне спадабалася ідэя паглядзець на несправядлівасць незалежна, была добрая пазітыўная каманда і вельмі досведныя "кіраўнікі". Ну і, канешне, жаданне рабіць нешта эфектыўнае, законнае і адносна бяспечнае для сябе, для дэмакратычных зменаў у краіне.

Назіраць важна ў першую чаргу для экспертнай і незалежнай фіксацыі парушэнняў кожнага з удзельнікаў "канфлікту". Я думаю, гэта спрыяе ў далейшым саманазіранню і адказнасці бакоў за свае дзеянні, і, такім чынам, вучыць пазбягаць парушэнняў закону. Не кожны, напэўна, хоча бачыць свае прозвішча ў адмоўнай статыстыцы.

Падчас апошняга майго назірання за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў мне даводзілася назіраць на ўчастку, дзе таксама назіральнікам быў дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства, дзе я працую. А ў камісіі былі яго работнікі. Канешне, яго назіральніцтва было фармальным: раз на дзень ён прыходзіў праверыць, "ці ўсё ў парадку". І калі я "парушыла іх спакой" (упершыню, напэўна, за шмат год на іх участку з'явіўся незалежны назіральнік), ён пачаў высвятляць, хто я такая. Таксама ў назіральніках была старшыня мясцовага выканкама. І іх вельмі цікавіла, хто я такая.

Было вельмі страшна, тым больш, што яны ўдваіх запалохалі майго "напарніка" - былога работніка таго ж прадпрыемства. А ён мяне ў сваю чаргу.

Ён увесь час паўтараў:

"Куды ты ўляпалася, навошта сюды палезла? Цяпер у цябе будуць вялікія праблемы!".

Але нічога страшэннага не здарылася пасля таго, на шчасце.

Вадзім Быліна

У мяне невялікі досвед назірання. У прынцыпе можна сказаць, што я назіраў толькі прэзідэнцкія выбары 2015 г., а таксама спрабаваў назіраць акцыю 25 сакавіка і суды над актывістамі. 

Вадзім Быліна
Вадзім Быліна

 

У сваім жыцці я часта бачыў іранічныя ўсмешкі ці пагарду на тварах людзей, калі гаворка заходзіла пра парушэнні правоў чалавека. У нашым грамадстве ўжо даўно прывыклі, што міліцыя беспакарана можа збіць актывіста на маніфетацыі, на выбарах фальсіфікацыі, а любога нязручнага чалавека можна пасадзіць. Быў бы чалавек, а артыкул знойдзецца. Дамінуе філасофія “мая хата з краю”: буду зарабляць, ездзіць адпачываць у Еўропу, набуду апошні айфон, дарагі аўтамабіль, а на астатніх пляваць.

Нашым людзям вельмі падабаецца заходні стыль жыцця, але заходнія каштоўнасці, такія як права чалавека і дэмакратыя шмат каму не зразумелыя. Гэта кажа пра інфантыльнасць грамадства, не здольнасць браць адказнасць на сябе і наваколле. З гэтым трэба нешта рабіць. Таму я вырашыў, што хаця б час ад часу, у важныя моманты, буду паказваць прыклад сваім знаёмым, што можна ахвяраваць свой час і фіксаваць парушэнні правоў. Перакананы, што гэта змяняе свет у лепшы бок.

Мяне заўсёды цікава, як такія здавалася б паважаныя людзі, як настаўнікі, супрацоўнікі міліцыі і інш., паводзяць сябе, парушаючы закон і правы чалавека. Асабліва весела падчас назірання выбараў. Дырэктары і завучы нярвова мітусяцца ўжо проста ад тваёй прысутнасці на участку. Паводзяць сябе як дзеці, якія нарабілі шкоду і спрабуюць яе схаваць: нахабна хлусяць, крычаць, чырванеюць і г.д.

Адзін раз калега назіральніца і па сумяшчэнню настаўніца ў школе, дзе знаходзіўся ўчастак, прапанавала мне ажаніцца з яе дачкой. А праз некаторы час ужо называла мяне правакатарам і шпіёнам, калі я папрасіў паказваць бюлетэні падчас падліку.

Вось такая гісторыя, калі б маўчаў, быў бы ўжо жанаты.

Алена Пішч

Першы раз я была назіральніцай на выбарах у Мясцовыя Саветы ў 2012 годзе. Галоўным здзіўленнем было: "Як жа можна так хлусіць?"

Гэта было сказана да працы камісіі, якая бессаромна малявала яўку ў пратаколе, якая ў некалькі разоў перавышала рэальную. Дарэчы, за гады назіранняў нічога не памянялася, і ўнікальнаму ўменню хлусіць не чырванеючы (ці можа яны ў гэты фарс шчыра вераць, я не ведаю) я не перастаю дзівіцца. У першае назіранне я так разгарачылася, што прама ў дзень выбараў са скаргай даехала да ЦВК і трапіла на прыём да Лазавіка. Мне паабяцалі вырашыць праблему, аднак, глядзіце вышэй, - усе сябры камісіі (што мне сустракаліся) хлусяць.

Алена Пішч

Назіраць мяне паклікалі сябры ў канкрэтную кампанію па назіранні. Мне пашанцавала, што яна была незалежнай: мяне навучылі аб'ектыўнасці, таму, як павінен праходзіць працэс без канцэнтрацыі на тое, хто атрымае перамогу.

У дачыненні да выбараў і назірання я перастала быць аптымістам ўжо пасля першых двух разоў. З маім назіраннем глабальна не змянілася нічога: працэдура падліку галасоў засталася недаступнай назіральніку, пратаколы не перасталі запаўняць па ўказе звыш, назіральнікам не перасталі грубіяніць. Але я вельмі спадзяюся, што мой удзел хоць неяк прымусіў задумацца членаў камісіі пра тое, што мусіць нешта не так.

Мне асабліва сумна бачыць маладых настаўнікаў (я сама працавала ў школе), якія сядзяць у камісіі і бяздумна выконваюць сваю функцыю, таму што ім паабяцалі прэмію ці выходны. Асабіста для мяне ў назіранні важна не быць у баку: хай я глабальна і не ўплываю ні на што, я хоць бы спрабую.

Гісторый з назіранняў у мяне шмат, але найбольш займальным было маё назіранне ў школе, дзе я вучылася. Усім, каму не хапае адрэналіну, вельмі раю. Членамі камісіі былі мае настаўнікі, гэта было жудасна, таму што тыя, каго ты любіў у школе, да каго на ўрокі ішоў з нецярпеннем, хто даў табе веды, цяпер знаходзіцца па іншы бок барыкад і лічыць цябе ворагам.

Наталля Сацункевіч

Першы раз я назірала на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года і з таго часу не магу спыніцца. Было вельмі хвалююча, шмат новага і незразумелага. Перад назіраннем я праштудзіравала ўвесь выбарчы кодэкс і дакументы для камісій, рыхтавалася сур'ёзна, шчыра кажучы. Па выніку зразумела, што гэта мой важны ўклад і гэта вартая справа.

Наталля Сацункевіч

Прыемным бонусам апынуўся вельмі вялікі ахоп выбарчых участкаў менавіта кампаніяй "Праваабаронцы за свабодныя выбары" і якасная работа па апрацоўцы вынікаў і аналітыка. Кампанія выносіць рэкамендацыі і гатова актыўна абмяркоўваць з міжнароднай супольнасцю і беларускімі ўладамі, што і як можна палепшыць у выбарчым працэсе.

Я ўпэўнена, што дзеянне і любая змена пачынаецца з майго асабістага першага кроку. Калі нічога не рабіць, то нічога і не зменіцца. А я вельмі хачу зменаў у гэтым свеце: каб ён стаў лепш, каб правы чалавека сталі рэальнай каштоўнасцю і меркай. І гэта не ўтопія, гэта дасягальная рэальнасць. Проста для гэтага кожны павінен прыкласці намаганні. Зрабіць сябе і свет вакол лепш.

Можна шмат казаць, як усё дрэнна, што няма свабодных выбараў і вынікі сфальсіфікаваныя. Але пакуль няма зафіксаваных, дакладных і карэктных дадзеных - гэта ўсё пустаслоўе. Пісьмены, карэктны маніторынг дазваляе працаваць з дадзенымі далей: праводзіць аналіз, рабіць высновы, фармаваць рэкамендацыі і праводзіць змены. Калі я назіраю выбары, я бачу канкрэтны вынік і гэта вельмі важна для мяне.

Я стараюся назіраць датэрміновае галасаванне, яно адрозніваецца ад асноўнага дня. Цэлы працоўны дзень разам з камісіяй, ўважлівае назіранне, паказваюць цікавыя рэчы. Напрыклад, калі дырэктарка школы не ўваходзіць у склад выбарчай камісіі, але прыходзіць на ўчастак і кантралюе ўвесь працэс: ад расстаноўкі гаршкоў з кветкамі да праверкі дакументаў назіральнікаў. А камісія ўся складаецца са школьных настаўнікаў. Гэта адразу акрэслівае рамкі працы і вызначае мадэль паводзінаў сябраў камісіі.

Нешта смешнае на назіранні ўспомніць не магу, таму што рэгулярныя парушэнні міжнародных прынцыпаў і нацыянальнага выбарчага заканадаўства - гэта ўжо не смешна.

Натхніліся гісторыямі? Далучайцеся да грамадскага кантролю за выбарамі ў 2018 годзе! 

https://elections2018.spring96.org/be/news/88675

22.12.2017

Архіў

Жнівень 2018
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031

Відэа

праваабарончыя сайты