Навіны

75 гадоў з дня смерці Уладзіслава Талочкі

Беларускі рэлігійны, культурна-асьветніцкі дзеяч, культуролаг, гісторык, літаратуразнавец Уладзіслаў Талочка нарадзіўся 18 студзеня 1887 года ў Гародні Паходзіў з сям’і службоўца Гарадзенскай гарадской ўправы Аляксандра Талочкі і Марыі з дому Астроўскіх. У горадзе на вуліцы Гараднічанскай яны мелі ўласны дом. У сям’і было пяцёра дзяцей. У 1896-1904 гадах Уладзіслаў навучаўся ў Гарадзенскай гімназіі.  З кастрычніка 1906-га – у Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Высвечаны на святара ў 1909 годзе. У 1909-14 вывучаў тэалогію і філасофію ў Каталіцкім універсітэце ў Інсбруку (Аўстрыя). Добра валодаў класічнымі і славянскімі мовамі, таксама ведаў нямецкую і літоўскую.

З 1914-га Талочка жыў у Вільні, дзе праводзіў святарскую дзейнасць у касцёле Святога Стафана і ў былым бернардынскім касцёле. Адным з першых пачаў ужываць беларускую мову ў набажэнствах. Супрацаваў з летувіскімі культурніцкімі і рэлігійнымі выданнямі (прыкладам, ковенская “Draugija” і сейненская “Vadovas”). Публікаваў матэрыялы гістарычнай тэматыкі ў віленскім каталіцкім часопісе “Dwutygodnik Diecezjalny”. Падтрымліваў выданьне першай беларускай каталіцкай газеты “Bielarus”.

У 1915 годзе адзін з арганізатараў Віленскага камітэта дапамогі пацярпелым ад вайны і беларускага дзіцячага прытулку “Золак”, на яго адкрыцці асвяціў памяшканне і прамаўляў па-беларуску. Паводле ўспамінаў Адама Станкевіча ў Вільні па ініцыятыве Талочкі 2 траўня 1918 году беларусы-каталікі ўпершыню ўзялі ўдзел у працэсіі на свята Божага Цела. У 1916-18 гадах працаваў выкладчыкам рэлігіі ў першых беларускіх школах Вільні і на курсах для непісьменных і для рабочых. У 1916-18-ых шмат друкаваўся ў газеце “Homan”. Часта пісаў пад псеўданімам Адам Саладух. Удзельнік Беларускага з’езду Віленшчыны і Гарадзеншчыны, які адбыўся 25-27 студзеня 1918 году. Уваходзіў у склад Летувіскай дзяржаўнай Тарыбы. З 1917-га супрацаваў з нацыянальна-рэлігійнай арганізацыяй “Хрысціянская дэмакратычная злучнасць”, рэгулярна выступаў у яе друкаваным органе – газеце “Krynica”. Супрацаваў з нямецкім, італійскім, літоўскім, украінскім, польскім друкам. За апалагетыку ідэй экуменізму быў празваны “Усходнім агенцтвам”. Адзін з вядучых аўтараў аўтараў часопісу Pryegląd Wileński”. У 1920-ым Талочка звярнуўся да прадстаўніка Літвы пры Апостальскай сталіцы Юры Нар’яўскага з просьбай улічыць у касцельным жыцці патрэбы беларусаў. У 1921-ым ён даслаў ад імя беларусаў арцыбіскупу Пражскаму і сенатару А.Стояну з адпаведнай просьбай перад Папам Рымскім. Вёў актыўную карэспандэнцыю з Інстытутам Усходняй Еўропы з мэтай папулярызацыі беларускасці ў свеце. Паводле заўвагі айца Аляксандра Надсана “айцец Уладзіслаў Талочка перапісваўся з усім светам”.

З 1920-ых Уладзіслаў Талочка пераследаваўся польскімі свецкімі і касцельнымі ўладамі. 15 снежня 1938-га загадам віленскага ваяводы без аніякай матывацыі выселены з Вільні. Пэўны час жыў у Беластоку. У Вільню вярнуўся пасля пачатку другой сусветнай вайны. Неўзабаве памёр. Пакінуў багатую навуковую спадчыну як тэолаг, як даследнік гісторыі Каталіцкай царквы абодвух абрадаў.

Уладзіслаў Талочка пісаў: “Усе народы перажываюць зараз цяжкую хвіліну, аднак самая страшэнная хвіліна для народу Беларускага: яму глядзіць у вочы смерць пэўная, калі ён ня ўстане да жыцця, калі не абудзіцца”.

Памёр Талочка 13 лістапада 1942 года ў Вільні. Пахаваны на віленскіх могілках Росы. Дом у Гародні па вуліцы Гараднічанскай, дзе нарадзіўся Уладзіслаў Талочка, не захаваўся. У Беларусі яго памяць не ўшанаваная ніяк.

Падрыхтаваў Уладзімір Хільмановіч

 

13.11.2017

праваабарончыя сайты