Навіны

За 2 гады зь беларускіх унівэрсытэтаў «за палітыку» адлічылі 20 чалавек

Несвабода ўнівэрсытэтаў робіць выпускнікоў беларускіх ВНУ неканкурэнтнымі на эўрапейскім рынку – заявілі экспэрты.

Нягледзячы на тое, што Беларусь далучылася да Балёнскага працэсу, беларускія ўнівэрсытэты ня сталі больш свабоднымі. За апошнія два гады з ВНУ па палітычных прычынах былі адлічаныя ня менш за 20 студэнтаў. Пра гэта ў Варшаве заявілі прадстаўнікі беларускіх студэнцкіх арганізацыяў, экспэрты ў галіне вышэйшай адукацыі ды праваабаронцы. Яны прыехалі ў сталіцу Польшчы, каб сустрэцца з калегамі з краінаў Эўразьвязу й абмеркаваць шляхі інтэграцыі Беларусі ў Эўрапейскую адукацыйную прастору, - паведамляе Польскае Радыё.

Беларусь была прынятая ў Эўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі ў траўні 2015 году. Для таго, каб беларускія дыплёмы прызнаваліся за мяжой, а беларускія ВНУ ўдзельнічалі ў навуковых абменах, Менск павінен быў правесьці шэраг рэформаў. На выкананьне дарожнай мапы, якая складаецца з пятнаццаці пунктаў, Беларусі было дадзена тры гады.

За гэты час Беларусь павінна была стварыць незалежнае агенцтва па кантролю за якасьцю адукацыі, увесьці крэдытную сыстэму ацэнкі курсаў, адмовіцца ад прымусовага разьмеркаваньня студэнтаў, а таксама забясьпечыць фундамэнтальныя каштоўнасьці Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі: акадэмічную свабоду і аўтаномію ўнівэрсытэтаў.

За тры гады прагрэс дасягнуты мінімальны – канстатаваў прадстаўнік Грамадзкага Балёнскага камітэту Ўладзімер Дунаеў. З 15 пунктаў Беларусь поўнасьцю выканала ўсяго два.

Найменшя посьпехі – у галіне акадэмічных свабодаў. Толькі за апошнія два гады з унівэрсытэтаў па палітычных матывах былі выключаныя ня менш за 20 чалавек – кажа прадстаўніца Задзіночаньня беларускіх студэнтаў Аляксандра Кузьміч.

Аляксандра Кузьміч, прадстаўніца Задзіночаньня беларускіх студэнтаў. Фота: Польскае Радыё
Аляксандра Кузьміч, прадстаўніца Задзіночаньня беларускіх студэнтаў. Фота: Польскае Радыё

 

Аляксандра Кузьміч: Больш за ўсё абурае несправядлівасьць, калі дзяўчыну з Магілёўскага ўнівэрсытэту выключаюць за ўдзел у адной-адзінай акцыі. Яна ніколі не была сяброўкай нейкай арганізацыі ці валянцёркай. Яе проста абурала сытуацыя ў краіне, яна выйшла на мітынг – і яе за гэта адлічылі. Актывіста «Дзеі» Пятра Маркелава адлічылі пасьля дзьвюх вымоваў. Прычынай першай былі пропускі, а другой – тое, што аднойчы ён прыйшоў ва ўнівэрсытэт, не паказаўшы ахоўніку студэнцкі білет.

Прадстаўнікі Задзіночаньня беларускіх студэнтаў, Грамадзкага Балёнскага камітэту, ініцыятывы «Дзея», Моладзі БНФ ды беларускіх праваабарончых арганізацыяў сустрэліся ў Варшаве з праваабаронцамі й дзеячамі студэнцкага самакіраваньня зь Польшчы, Украіны ды Швэцыі. Мэта сустрэчы – абмеркаваць, якім чынам можна наблізіць Беларусь да эўрапейскіх стандартаў у галіне адукацыі.

Аляксандра Кузьміч: Нашая мэта тут – праінфармаваць польскіх партнэраў пра тое, што адбываецца ў сфэры вышэйшай адукацыі, і падняць хвалю міжнароднай салідарнасьці. Мы хацелі б, каб эўрапейскія ўнівэрсытэты падпісвалі звароты да нашых унівэрсытэтаў, патрабавалі ўключыць у перамоўны працэс грамадзкія арганізацыі. Мы хацелі б, каб нашыя польскія партнэры зьвярталіся ў міністэрства адукацыі сваёй краіны й каб польскае міністэрства адукацыі агучвала нашыя супольныя патрабаваньні на паседжаньні Bologna Follow-Up Group (кіроўнага воргану Балёнскага працэсу – А.П.).

Цяпер лічба студэнтаў, якія пацярпелі за свае погляды, меншая чым на пачатку 2000-х гадоў. Пасьля пратэстаў вясны 2006 году з унівэрсытэтаў былі выключаныя каля 200 студэнтаў, некалькі дзесяткаў пацярпелі пасьля выбараў 2010 году.

У апошнія гады колькасьць адлічэньняў зьменшылася, бо зьнізілася палітычная актыўнасьць студэнцтва. Аднак пасьля пратэстаў вясны 2017 году зь беларускіх ВНУ зноў пачалі выганяць актыўных маладых людзей. Каб дапамагчы гэтым студэнтам, Польшча нават рэактывавала стыпэндыяльную праграму імя Кастуся Каліноўскага, фактычна замарожаную ў 2016 годзе.

Старшыню Моладзі БНФ Юрася Лукашэвіча ў сакавіку адлічылі з гістарычнага факультэту Беларускага дзяржунівэрсітэту. Ён пацярпеў за абарону мэмарыялу Курапаты ад забудоўшчыкаў.

Юрась Лукашэвіч, старшыня Моладзі БНФ. Фота: Польскае Радыё
Юрась Лукашэвіч, старшыня Моладзі БНФ. Фота: Польскае Радыё

 

Юрась Лукашэвіч: Мабыць, вы памятаеце, калі на абаронцаў Курапатаў напалі «невядомыя»? У тую ноч я быў у лягеры. Мы вырашылі напісаць заяву ў міліцыю пра тое, што на нас напалі. Але міліцыянты заявы ў нас не прынялі, а наадварот – з маіх словаў на мяне склалі адміністрацыйны пратакол. Яны абвінавацілі мяне ў тым, што я ў 4 гадзіны ночы ў Курапатах удзельнічаў у мітынгу. Недзе праз 10 дзён мяне выклікалі ў дэканат. Намесьніца дэкана гістфаку Лілія Бярэйшык заявіла, што на мяне прыйшла папера з міліцыі, таму «мы павінныя рэагаваць». Затым за два дні мне далі дзьве вымовы. Першая – за пропускі. Другая – за «дзеяньні, якія прадугледжваюць адміністрацыйную адказнасьць». Ці былі такія дзеяньні – вырашае суд, але суду не было. Міліцыя проста забылася, што склала на мяне пратакол!

Пазбавіцца ад палітычнага кантролю над ВНУ, даць унівэрсытэтам аўтаномію й стварыць сапраўднае студэнцкае самакіраваньне неабходна ня толькі з гуманістычных меркаваньняў. Бяз гэтага немагчыма павысіць якасьць адукацыі. Адсутнасьць акадэмічных свабодаў робіць выпускнікоў беларускіх ВНУ неканкурэнтнымі на эўрапейскім рынку – зазначыла прадстаўніца Хельсінскага фонду правоў чалавека Вольга Саламатава.

Вольга Саламатава, праўстаўніца Хельсінскага фонду правоў чалавека. Фота: Польскае Радыё
Вольга Саламатава, праўстаўніца Хельсінскага фонду правоў чалавека. Фота: Польскае Радыё

 

Вольга Саламатава: Людзі, якія праходзяць беларускія ВНУ, часта не разумеюць, што такое актыўнасьць, ініцыятыва, прафэсійная мэтанакіраванасьць. Яны дрэнна арыентуюцца ва ўсім, што зьвязана са свабодай і творчасьцю. Парушэньне акадэмічных свабодаў не дае й ня дасьць Беларусі выйсьці на лідарскія пазыцыі ў тых сфэрах, якія яна сабе паставіла за прыярытэты – напрыклад, у інфармацыйных тэхналёгіях. Выпускнікам беларускіх ВНУ не хапае творчай свабоды, досьведу стварэньня арганізацыяў, навыкаў кіраваньня – з-за таго, што абмежаванае беларускае студэнцкае самакіраваньне такіх навыкаў не дае.

Удзельнікі сустрэчы ў Варшаве выпрацуюць рэкамэндацыі для міжнародных структураў, што вядуць перамовы па ўключэньні Беларусі ў агульнаэўрапейскую адукацыйную прастору. Канфэрэнцыя міністраў адукацыі Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі ацэніць дасягненьні Менска й прыме рашэньне аб далейшым удзеле Беларусі ў Балёнскім працэсе ўжо менш, чым праз год.

http://spring96.org/be/news/88266

10.11.2017

праваабарончыя сайты